• Главная страница
  • Контакты
  • Карта сайта
1602 посетителя вчера | RSS

Дзень Рэфармацыі: 500 год з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага

  • 01.11.2015
  •  / 
  • Просмотров: 7676

Дзень Рэфармацыі: 500 год з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага

30 кастрычніка ў царкве “Благадаць” адбыўся канцэрт, прысвечаны Дню Рэфармацыі.

Вечар пачаўся з супольнай малітвы і служэння хора, пасля чаго вядучы прачытаў наступныя словы: “Памятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх” (Яўр.13:7).

На сцэне быў паказаны спектакль “Біблія князя Радзівіла, на працягу якога гледачы маглі суперажываць няпростаму выбару князя. Ён вырашыў прыйсці да Госпада, змяніць сваё жыццё. Напачатку гэта выклікала супрацьстаянне не толькі сярод часткі шляхты, а нават і ў сям’і Радзівілаў. Але Біблія, якую завяшчаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму ягоны брат Ян, не толькі дапамагла знайсці адказы на складаныя пытанні, якія ставіў перад сабою канцлер ВКЛ, але і прынесла мір у адносіны Мікалая і яго жонкі Альжбеты.

Князь Мікалай Радзівіл Чорны займаў самыя высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагоддзя, але доўгі час не мог знайсці супакою для сваёй душы. Біблія дала адказ на ягоныя пытанні.

На працягу 12 год князь быў лідарам руху Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён заснаваў дзясяткі збораў па ўсёй краіне, друкарні ў Берасці і Нясвіжы, у якіх пабачылі свет больш за паўсотні розных выданняў, у тым ліку “Катэхізіс” Сымона Буднага і Берасцейская, або Радзівілаўская, Біблія, на выданне якой Мікалай Радзівіл Чорны ахвяраваў гадавы даход усіх сваіх уладанняў. Яшчэ князь узначальваў рэдакцыйную камісію, якая рыхтавала Другі Статут Вялікага Княства Літоўскага. А ў 1557 годзе пад кіраўніцтвам канцлера праводзілася Валочная памера – аграрная рэформа, якая дазволіла павялічыць даход краіны ў некалькі разоў. З імем Мікалая Радзівіла Чорнага звязаны час найбольшага культурнага і палітычнага ўздыму нашай краіны, Залаты век Беларусі.

Завяршыўся вечар малітвай за Беларусь і за тое, каб кожны чалавек знайшоў сэнс свайго жыцця, таму што сёння менавіта ад нас залежыць, якім будзе XXI стагоддзе.

Даведка. Дзень Рэфармацыі сваімі каранямі сыходзіць далёка ў мінулае. 31 кастрычніка 1517 года Марцін Лютэр прыбіў 95 тэзісаў супраць індульгенцый да дзвярэй сабора ў Вітэнбэргу. Гэтая падзея стала пачаткам глыбокіх і ўсебаковых пераўтварэнняў у рэлігійным, грамадскім і палітычным жыцці Еўропы, вядомых як Рэфармацыя. 

Вялікае Княства Літоўскае, як і шэраг еўрапейскіх краін, актыўна ўключылася ў гэты рух абнаўлення. Менавіта таму XVI стагоддзе ўвайшло ў гісторыю як Залаты век Беларусі.

Мікалай Радзівіл Чорны быў лідарам руху Рэфармацыі ў нашай краіне, займаў найвышэйшую дзяржаўную пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, заснаваў друкарні ў Берасці і Нясвіжы.

Нагадаем, што спектакль “Біблія князя Радзівіла” быў паказаны таксама на прафесійнай сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі 26 кастрычніка. 

Юлія Барташэвіч