• Главная страница
  • Контакты
  • Карта сайта
1592 посетителя вчера | RSS

Церковный бюллетень Сентябрь 2019

  • 03.09.2019
  •  / 
  • Просмотров: 3049

Церковный бюллетень Сентябрь 2019

100 ГАДОЎ ЦЭРКВАМ ХРЫСЦІЯН ВЕРЫ ЕВАНГЕЛЬСКАЙ У БЕЛАРУСІ

20-я гады ХХ стагоддзя сталі часам Вялікага евангельскага прабуджэння ў нашай краіне. Менавіта тады ў Заходняй Беларусі з’явіліся першыя цэрквы хрысціян веры евангельскай. Іх пачынальнікамі былі беларусы, якія раней выехалі на заробкі ў Амерыку і там паверылі ў Бога, а пасля вярнуліся на радзіму, паслухмяныя Божаму закліку.

  • У 1919 г. у Навагрудскім павеце пачаў прапаведаваць Евангелле Рыгор Краскоўскі, які шмат гадоў раней выехаў на заробкі ў Амерыку, але там паверыў у Хрыста і, як ён сам сведчыў, «быў пасланы Госпадам праз акіян на бацькаўшчыну ў Навагрудскі павет».
  • У 1922 г. праз пропаведзь Краскоўскага пакаяўся Ануфры Мазала са Шчорсаў, які пазней стаў адным з лідараў царквы ХВЕ.
  • У 1923 г. прыехаў у Арэхава (Берасцейскі павет) Сцяпан Ярмалюк, і ўжо праз год заснаваная ім царква налічвала больш сотні членаў.
  • У 1925 г. у раёне Маладзечна і Радашковічаў распачаў прапаведаваць Станіслаў Нядзвецкі і былі ўтвораны першыя цэрквы ў гэтым рэгіёне – у вёсках Путнікі, Пяцюлі і Красоўшчына.

У 1928 г. у Данцыгу (цяпер Гданьск) пачала сваю працу Ўсходнееўрапейская місія «Асамблей Божых», якую ўзначаліў Густаў Шміт. Для падрыхтоўкі служыцеляў пры місіі дзейнічалі біблійныя курсы і Біблейскі інстытут.

У 1929 г. у вёсцы Старая Чоўніца на Валыні быў створаны Ўсепольскі Саюз хрысціян веры евангельскай. Сярод 13 членаў кіраўніцтва Саюза былі 4 беларусы: Данііл Комса, Сцяпан Ярмалюк, Рыгор Краскоўскі і Ануфры Мазала.

У 1920-1930-я гг. у Заходняй Беларусі дзейнічала каля 100 цэркваў ХВЕ. Ва Ўсходняй Беларусі, якая была пад уладай СССР, да 1939 г. усе цэрквы былі зачынены, дамы малітвы канфіскаваныя, а большасць служыцеляў расстраляна. У 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна. На жыхароў Заходняй Беларусі абрынулася ўсё тое, што перажывалі іх браты з Усходу: высылкі, растрэлы, зруйнаваныя лёсы.

Савецкая ўлада адмаўлялася рэгістраваць цэрквы ХВЕ, прымушаючы да аб’яднання хрысціян веры евангельскай з евангельскімі хрысціянамі-баптыстамі ў адзін саюз. У жніўні 1945 г. служыцелі ХВЕ і ЕХБ падпісалі дамову аб такім аб’яднанні, але шэраг грамадаў ХВЕ адмовіліся ад рэгістрацыі.

Нягледзячы на пераслед, евангельскія цэрквы актыўна раслі ў гарадах, а таксама аднаўлялі сваю дзейнасць ва ўсходніх раёнах Беларусі. Імкнучыся спыніць гэты рост, Савет па справах рэлігійных культаў пры Саўміне БССР у 1954 г. прыняў пастанову аб забароне пяцідзясятніцтва як «містычнай секты з нялюдзкай абраднасцю». Тым не менш у 1958 г. у БССР дзейнічала ад 80 да 100 незарэгістраваных грамадаў ХВЕ.

У сярэдзіне 1970-х гадоў савецкія ўлады пайшлі на саступкі і сталі рэгістраваць евангельскія цэрквы і дазваляць будаўніцтва дамоў малітвы. Была таксама дазволеная аўтаномная рэгістрацыя цэркваў ХВЕ. У 1976 г. была зарэгістраваная Мінская царква ХВЕ, у наступныя гады – цэрквы ў Кнотаўшчыне (Стаўбцоўскі р-н), потым у Віцебску, Оршы, Паставах, Нясвіжы, Пінску.

18 лістапада 1989 г. прадстаўнікі 118 цэркваў ХВЕ (як рэгістраваных, так і нерэгістраваных) сустрэліся ў Мінску і прынялі рашэнне аб стварэнні Саюзу ХВЕ Беларусі. 8 лютага 1991 г. у Мінску прайшоў першы з’езд Саюза ХВЕ Беларусі.

З 1991 па 2002 г. хрысціянамі веры евангельскай было адчынена больш за 300 новых цэркваў. Саюз ХВЕ стаў найбольшым пратэстанцкім аб’яднаннем у Беларусі, абагнаўшы па колькасці зарэгістраваных цэркваў Каталіцкую Царкву.

У 2007 г. Саюз ХВЕ змяніў назву на Аб’яднаную Царкву хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь.

На 1 студзеня 2019 г. Аб’яднаная Царква ХВЕ налічвала 520 цэркваў, якія наведваюць больш за 55 тысячаў вернікаў.

Сёння, адзначаючы стогадовы юбілей цэркваў ХВЕ ў Беларусі, мы дзякуем Госпаду за ўвесь той шлях, якім Ён вёў Сваю Царкву і наш народ, а таксама молімся пра Божае дабраславенне і Божае збаўленне як для кожнага чалавека, так і для ўсёй нашай краіны.