• Главная страница
  • Контакты
  • Карта сайта
2862 посетителя вчера | RSS

Літаратурная сустрэча ў гомельскай царкве “Благадаць”

  • 25.02.2015
  •  / 
  • Просмотров: 4038

Літаратурная сустрэча ў гомельскай царкве “Благадаць”

21 лютага ў гомельскай царкве “Благадаць” прайшла літаратурная сустрэча, прысвечаная сучаснай беларускай хрысціянскай літаратуры. На сустрэчу прыехалі веруючыя літаратары з Мiнска, Магілёва, Слоніма, Бабруйска.

Адкрыў сустрэчу малітвай біскуп, пастар царквы “Благадаць” Гомеля Яўген Сергіеня, які з'яўляецца таксама кіраўніком Літаратурнага аб’яднання АЦ ХВЕ і аўтарам чатырох зборнікаў вершаў. Ва ўступным слове Я. Сергіеня падкрэсліў важнасць той літаратурнай працы, якая вядзецца ў Аб’яднанай Царкве ХВЕ, пра канкрэтныя здабыткі, якія мае Літаратурнае аб’яднанне ў выглядзе 10 зборнікаў паэзіі і прозы, што выйшлі за апошнія гады з-пад пяра хрысціянскіх аўтараў.

Госця з Мiнска, паэтка Дар’я Шэіна, сведчыла, што пасля пакаяння яна пачала пісаць вершы па-беларуску. Паступова колькасць вершаў павялічвалася, так што ў мінулым годзе пабачыў свет яе аўтарскі зборнік “Як сьвечка”. Удзельнікі літаратурнай сустрэчы маглі пачуць вершы Д. Шэінай, а таксама песню “Хай народ ідзе за Богам”, створаную на яе словы. Мiнск быў прадстаўлены і зборнікам турэмнай прозы Змітра Дашкевіча “Чарвяк”. Назва, як патлумачыў сам аўтар, узятая з Псальма 21:7. Дашкевіч расказаў прысутным, як Госпад дапамог яму прайсці турэмныя выпрабаванні, як захаваў ад граху і збярог для жыцця.

Удзельніца літаратурнай сустрэчы са Слоніма, паэтка і мастачка Надзея Салейка, пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі і сама выканала песні, складзеныя на іх. Таксама прысутныя маглі пабачыць выставу яе карцін. Свае вершы чыталі госці з Магілёва – Алена Сазонава і з Бабруйска – Аўдоцця Маркава. Акрамя гэтага, увазе ўдзельнікаў сустрэчы і прысутных былі прадстаўлены розныя мастацкія вырабы, зробленыя братамі і сёстрамі з гомельскай царквы “Благадаць”.

Падсумоўваючы вечарыну, біскуп Сергіеня падкрэсліў, што надыходзіць новы час, калі ствараецца сучасная беларуская хрысціянская літаратура. Ён заклікаў усіх прысутных, каму Бог даў літаратурны талент, не закопваць яго, але выкарыстоўваць на славу Божую, паколькі хрысціяне павінны асаляць беларускую культуру і даваць добрае сведчанне для беларускай інтэлігенцыі.